222310, г. Маладзечна, вул. Віленская, 6
Рэжым работы: 08:00-17:00

Гісторыя

Гісторыя горада Маладзечна - гэта неад’емная частка гісторыі Беларусі з мясцовымі асаблівасцямі і імёнамі вядомых людзей, якія ўнеслі ўклад не толькі ў нацыянальную, але і ў сусветную гісторыю і культуру.

У пісьмовых крыніцах Маладзечна ўпершыню згадваецца ў грамаце на паслухмянасць Вялікаму Князю Літоўскаму Ягайлу, якую падпісаў у Маладзечанскім замку 16 снежня 1388 г. Ноўгарад-Северскі князь Дзмітрый Альгердавіч, хоць яшчэ ў бронзавым веку (II-ое тысячагоддзе да н.э. - VII ст . да н.э.) у раёне Маладзечна жылі плямёны шнуравай керамікі.

Сваю назву горад атрымаў, хутчэй за ўсё, ад назвы невялікай рэчкі Маладачанкі, пры ўпадзенні якой у калісьці паўнаводную раку Уша быў пабудаваны замак. Менавіта ў гэтым замку і была падпісана вышэйназваная грамата. У тыя часы замак лічыўся магутным абарончым збудаваннем.

У дакументах перыяду сярэднявечча Маладзечна называецца «месцам» (г.зн. горадам), якое належала таму ці іншаму ўладальніку. У розныя часы ўладальнікамі Маладзечна былі князі Заслаўскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Кішкі.

У пачатку ХVІІ ст. уладальнікам Маладзечна быў Леў Сапега (1557-1633) - канцлер Вялікага Княства Літоўскага, які ўзначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588г., рэдагаваў яго тэкст і фінансаваў выданне ў Віленскай друкарні.

У 1567г. у Маладзечне праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў ВКЛ і Польшчы аб умовах Люблінскай уніі 1569г.
 Паводле інвентара 1623г. Маладзечна меў 7 вуліц і больш за 1000 жыхароў. У інвентары 1651г. называецца новая вуліца - Хажоўская. Цэнтрам «месца» быў рынак з гандлёвымі радамі.

У 1740г. польскі кароль Жыгімонт ІІІ выдаў Маладзечна прывілей на правядзенне 2-х таргоў 2 разы на тыдзень (пятніца і нядзеля) і 2 кірмашоў у год (вясной і восенню). Усё гэта садзейнічала развіццю гандлю і пашырэнню гаспадарчай дзейнасці мястэчка.
 У ХVІІІ ст. уладальнікам Маладзечна становіцца род князёў Агінскіх. На замкавым падворку быў узведзены палац, у якім была сабрана багатая бібліятэка, калекцыя карцін. У 1811г. намаганнямі Францыска Агінскага з Бабруйска ў Маладзечна была пераведзена павятовая вучэльня.

У пач. ХІХ ст. неаднаразова наведваў свайго дзядзьку ў Маладзечне Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і Расіі, пасол сейма 1786г., мечнік літоўскі, надзвычайны пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі, сенатар Расійскай імперыі (1810г.), тайны саветнік пры двары Аляксандра I, кавалер ордэнаў св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага, літаратуразнаўца і кампазітар, аўтар вальсаў, мазурак, менуэтаў, рамансаў і сусветна вядомага паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай». У замку ў Маладзечне пастаянна гучала яго музыка. Увесну 1814 г., пасля смерці дзядзькі, Міхал Клеафас Агінскі стаў уладальнікам Маладзечанскага замка. У памяць аб славутым земляку ў 2001г. у горадзе быў устаноўлены помнік М.К.Агінскага (скульптар Ф.Янушкевич), яго імем названы музычны каледж.

У 1812г. пачалася вайна паміж Расіяй і Францыяй. Напалеонаўскія войскі двойчы прайшлі праз мястэчка: у чэрвені 1812г. пры наступе на Маскву і ў лістападзе 1812г., адыходзячы ад яе. Падчас адступлення імператар Францыі спыніўся ў Маладзечанскім замку, а рэшткі яго некалі вялікай арміі - у мястэчку ля замка. Тут, у палацы, Напалеон І прадыктаваў свой апошні ў ходзе ўсходняй кампаніі 29-ы бюлетэнь, у якім склаў з сябе паўнамоцтвы галоўнакамандуючага і спрабаваў растлумачыць няўдачы французаў ў Расіі. У тую ж ноч ён таемна пакінуў сваё войска і збег на Вільню.

Атрады рускай арміі пад камандаваннем генералаў А.П.Ермолава, Чапліца, казакі атамана Платава падышлі да Маладзечна і 22 лістапада (па старым стылі) разбілі французаў. У гэтым баі было ўзята ў палон каля 2500 французскіх салдат і афіцэраў, захопленыя 24 прылады. Маладзечанскі бой стаў заключным у зімовай кампаніі 1812г. У гонар гэтай перамогі ў 1977г. на ўскраіне горада ўсталяваны помнік.

Страты ў вайне 1812г. былі велізарныя: замак напалову разбураны і больш не аднаўляўся, мястэчка спалена, насельніцтва скарацілася ўдвая.

У 2-й пал ХІХ ст. Маладзечна было мястэчкам, у якім, паводле перапісу 1861г., пражывала 746 чалавек. Цэнтрам заставаўся рынкавы пляц, забудаваны невялікімі крамамі, вакол якіх сяліліся рамеснікі. Ад яго крыжападобна разыходзіліся вуліцы на Мінск, Вільню, Вілейку і Гарадок. На плошчы ў 1871г. была ўзведзена Свята-Пакроўская царква, якая захавалася да нашых дзён, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Недалёка ад яе, на рагу плошчы і Віленскай вуліцы, знаходзілася сінагога.