На главную
Написать письмо
Карта сайта
RuEn

Адрес райисполкома:
222310, г. Молодечно,
 ул. Виленская, 6

Телефон: 8-(017-6)-77-16-63
факс: 77-15-71, 73-01-72

Для деловой переписки:
molrik@molodechno.minsk-region.by

Интерактивная карта района

Главная  »  НОВОСТИ  »  Новости района
03.02.2017
Як спрацавала маладзечанская міліцыя ў 2016 годзе

Маладзечанскі раённы аддзел унутраных спраў па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2016 год прызнаны лепшым у Мінскай вобласці.

Гэту інфармацыю агучыў на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта начальнік РАУС Валянцін Асіповіч.

Літаральна гэтымі днямі Валянцін Пятровіч атрымаў чарговае званне палкоўніка міліцыі, і, трэба думаць, работа падначаленай яму структуры станоўча паўплывала на гэту акалічнасць.

Як жа характарызуецца работа райаддзела міліцыі ў годзе мінулым? Статыстыка засведчыла наступнае. Агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў дасягнула лічбы 1630 і знізілася ў параўнанні з 2015 годам на 5% (менш на 86 злачынстваў). Зменшылася іх колькасць па лініі крымінальнага вышуку (з 1103 да 1050), па ўсіх відах маёмасных злачынстваў: рабаўніцтва, крадзяжоў.

Разам з тым, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема папярэджання і раскрыцця крадзяжоў у садовых таварыствах: узровень раскрыцця іх у раёне летась склаў 16,7% супраць 28% у годзе папярэднім (сярэдні паказчык па вобласці – 41,8%).

Амаль на 7% (з 427 да 398) знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Так, летась у грамадскіх месцах не зарэгістраваны забойствы (у 2015 годзе – 4), адзначаецца скарачэнне колькасці выпадкаў рабаўніцтва, хуліганства, угону аўтамабіляў. У «лідарах» тут крадзяжы маёмасці ўсіх форм уласнасці.

Павысілі эфектыўнасць работы супрацоўнікі аддзелаў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, па эканамічных злачынствах.

Як негатыўны факт адзначыў у сваёй інфармацыі В. Асіповіч рост у 2016 годзе колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін – іх зарэгістравана адразу пяць, прычым чатыры ўчынены ў горадзе. Летась да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 805 дамашніх «тэрарыстаў», распачата 41 крымінальная справа. Ахвяры дамашняга насілля альбо іх блізкія звяртаюцца па дапамогу як у праваахоўныя органы, так і ў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Праблема папярэджання дамашняга насілля, перакананы кіраўнік раённай міліцыі, патрабуе комплекснага падыходу.

Актуальнай застаецца праблема алкагалізацыі насельніцтва. Летась супрацоўнікі міліцыі выявілі амаль 400 фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства, знішчылі 14 «міні-заводаў» і самагонных апаратаў, выявілі, канфіскавалі і знішчылі 4140 літраў самагону і 83000 літраў самагоннай брагі.

Асаблівую занепакоенасць выклікае пастаўка ў рэгіён вадкасці, якая ўтрымлівае спірт і мае падазронае паходжанне. Так, нядаўна супрацоўнікі папярэдзілі рэалізацыю тэхнічнай вадкасці для прамыўкі газавых і нафтавых труб, якая магла выдавацца за харчовы спірт. Страшна нават уявіць, што яна знайшла б сваіх спажыўцоў…

У арсенале міліцыі нямала сродкаў барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, але адны толькі рэпрэсіўныя меры не прынясуць адчувальнага эфекту. Гэта праблема ўсяго грамадства, дзяржаўных органаў і грамадскіх структур, прадпрыемстваў і арганізацый.

Сёння на прафілактычным уліку знаходзіцца 458 грамадзян (у 2015 годзе – 321). За паўторнае на працягу года пасля аб’яўлення афіцыйнага папярэджання ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння ў стане алкагольнага ап’янення пастаўлена на прафілактычны ўлік 359 асоб (у 2015-м – 209).

Пад пільнай увагай міліцыі, запэўніў начальнік РАУС, знаходзіцца дарожная бяспека. За дванаццаць месяцаў 2016 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 55 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 5 чалавек, 55 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Па віне п’яных вадзіцеляў адбыліся чатыры ДТЗ.

Асноўнымі прычынамі здарэнняў з цяжкімі вынікамі з’яўляюцца перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху, парушэнне правілаў праезду перакрыжаванняў і пешаходных пераходаў, манеўравання, абгону, кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Летась 408 вадзіцеляў пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі за парушэнні правілаў дарожнага руху.

Падводзячы рысу пад агучанымі ў інфармацыі лічбамі і фактамі, начальнік Маладзечанскага РАУС канстатаваў: работу, якая праводзіцца ў рамках выканання Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», нельга лічыць дастатковай. Асаблівую ўвагу ўсім без выключэння суб’ектам прафілактыкі неабходна ўдзяліць барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, крадзяжом асабістай маёмасці грамадзян, найперш у садовых таварыствах і дачных кааператывах, а таксама папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін.

Источник – mgazeta.by



Погода Молодечно
Информация сайта pogoda.by

© Молодечненский районный исполнительный комитет, 2011
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»