На главную
Написать письмо
Карта сайта
RuEn

Адрес райисполкома:
222310, г. Молодечно,
 ул. Виленская, 6

Телефон: 8-(017-6)-77-16-63
факс: 77-15-71, 73-01-72

Для деловой переписки:
molrik@molodechno.minsk-region.by

Интерактивная карта района

Главная  »  НОВОСТИ  »  Новости района
13.02.2017
Майстар-клас ад Валодзі Кругляніна

Чабурашка і кракадзіл Гена, вясёлыя мартышкі, мішка, вожык — ва ўсіх звязаных кручком герояў мультфільмаў добрыя твары. Нават грыб і той усміхаецца… Без усялякіх сумненняў, іх стварыў добры і светлы чалавек.

— Наш Валодзя сапраўды вельмі пазітыўны, заўсёды, нібы сонейка,  усміхаецца пры сустрэчы, нязменна пацікавіцца, як наша здароўе, як адчуваюць сябе нашы дзеці, — з цёплымі ноткамі ў голасе гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Вольга Карпала пра 28-гадовага Уладзіміра Кругляніна. Ён інвалід з дзяцінства I групы, пасля выпуску з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з 2007 года наведвае аддзяленне. Загадчыца расказвае, што за гэтыя дзесяць гадоў Валодзя вельмі шмат чаму навучыўся, а самае галоўнае, стаў больш самастойным. Цяжкае захворванне не перашкаджае яму самому дабірацца з дому ў аддзяленне, дзе ён адчувае сябе роўным сярод роўных, знайшоў шмат сяброў. Разам з імі ён паспяхова асвойвае розныя віды рукадзелля ў гуртку «Залатая іголачка», які вядзе Святлана Міхнавец. Арт-тэрапія – адзін з эфектыўных відаў рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не менш важна, што гэта калектыўная творчасць. За вялікім сталом ва ўтульным пакоі для заняткаў усім хапае месца. Некалькі маладых людзей старанна нанізваюць бісер на тонкі дроцік, каб «вырасціць» дрэўца, якое абавязкова прынясе ўдачу. Гэта вельмі далікатная работа патрабуе шмат часу і намаганняў. Надзя Пінчук, Каця Пеўнева, Надзя Бажко, Таня Рашчынкіна сталі сапраўднымі асамі бісерапляцення, у іх вельмі шмат прыгожых вырабаў. Яшчэ выхаванцы аддзялення ствараюць дэкаратыўныя дрэўцы з кававых зярнят – яны носяць прыгожую назву тапіярый. А якіх мілых зайцаў, лялек у скандынаўскім стылі «тыльда» шыюць дзяўчаты і хлопцы пад кіраўніцтвам Святланы Міхнавец: на апошняй каляднай выстаўцы ў бібліятэцы сямейнага чытання «Верасок» іх адразу ж раскупілі.

Кірункаў творчасці вельмі шмат, яны ўвесь час мяняюцца. І кожны знаходзіць для сябе тое, што больш падабаецца, лепш атрымліваецца. 

Вось і Валодзя Круглянін увесь апошні год не расстаецца з кручком.  Расказвае, што вязаць яго навучыла цёця Іна, і гэты занятак яго захапіў. Трэба бачыць, як хутка і прыгожа рухаецца кручок у яго спрытных руках з доўгімі і тонкімі, нібы ў піяніста, пальцамі. Хлопец гадзінамі можа працаваць над чарговым казачным героем. А калі нешта не атрымліваецца, не лянуецца пачаць усё спачатку – цярпення і ўседлівасці яму не займаць. Цяпер ён чаруе над букетам рамонкаў: хоча падарыць сабе і сябрам кавалачак лета. Далікатныя белыя пялёсткі, жоўтыя сярэдзінкі – тонкая работа. Нельга не здзіўляцца, што ўсё гэта звязаў малады чалавек. З летам Уладзімір звязвае сваю мару паехаць на адпачынак у лагер «Арляня» Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Ён там ужо быў, успаміны засталіся вельмі добрыя.  

Валодзя любіць дарыць свае работы сябрам, радуе імі маму Алену Яўгеньеўну, якая робіць усё магчымае для адзінага сына, з маленства развівае ў яго навыкі самаабслугоўвання, выхоўвае ветлівым, добразычлівым, чуллівым. Валодзя ўмее добра гатаваць: і суп зварыць, і дранікаў напячэ. І ў аддзяленні ён з задавальненнем дзяжурыць па сталовай (так называюць выхаванцы пакой для прыёму ежы, дзе яны сілкуюцца прынесенымі з дому «ссабойкамі»).

На працягу дня маладыя людзі мяняюць род заняткаў. Яны любяць спяваць, наведваць тэатральны гурток. Валодзя расказвае, што яму падабаюцца песні з рэпертуару Стаса Міхайлава. А яшчэ ён іграе ў аркестры шумавых інструментаў, ездзіць з сябрамі на розныя фестывалі і канцэрты. Цяпер выхаванцы аддзялення разам з педагогам Наталляй Асіповіч распачынаюць падрыхтоўку да міжнароднага тэатральнага фестывалю «Непратаптаны шлях», які пройдзе вясной. 
Кожны з 34 маладых інвалідаў, якіх аб’ядноўвае аддзяленне дзённага знаходжання, ідзе сваім непратаптаным шляхам, у кожнага свая сумная гісторыя, свае мары і спадзяванні. Вельмі хочацца, каб яны сустракалі як мага больш спагадлівых спадарожнікаў, якія працягнуць ім руку дапамогі, зразумеюць і парадуюцца іх поспехам.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Источник – mgazeta.by



Погода Молодечно
Информация сайта pogoda.by

© Молодечненский районный исполнительный комитет, 2011
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»