На главную
Написать письмо
Карта сайта
RuEn

Адрес райисполкома:
222310, г. Молодечно,
 ул. Виленская, 6

Телефон: 8-(017-6)-77-16-63
факс: 77-15-71, 73-01-72

Для деловой переписки:
molrik@molodechno.minsk-region.by

Интерактивная карта района

Главная  »  НОВОСТИ  »  Новости района
21.01.2017
Ініцыятыва «Белай Русі» і ўзнагарода прафсаюзаў

Метадычнымі знаходкамі ў арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, падлеткаў і дарослых абмяняліся ўдзельнікі семінара-вучобы, які ініцыяваў актыў раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», а Федэрацыя прафсаюзаў краіны ўдастоена высокай узнагароды Прэзідэнта.

Удзельнікі нарады ідэалагічнага актыву."Маладзечанская газета"

На пасяджэнне за круглым сталом у СШ №14 былі запрошаны старшыні «пярвічак» устаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры, а таксама электрасетак.

— У полі зроку – арганізацыя ўзаемадзеяння з удзельнікамі адукацыйнага працэсу па рэалізацыі асноўных кірункаў праграмы «Белай Русі». Педагогі заўсёды на перадавых пазіцыях у грамадска-палітычных акцыях. Яны адказныя за выхаванне падрастаючага пакалення. Для паспяховага рашэння пастаўленых задач «Белая Русь» актыўна супрацоўнічае з многімі іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, — падкрэсліла старшыня арганізацыі па вытворчым прынцыпе аддзела адукацыі, спорту і турызму раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Зоя Кокаш.

Удзельнікі сустрэчы падвялі вынікі работы «пярвічак» за мінулы год, прыгадалі самыя арыгінальныя распрацоўкі і яркія перамогі. Цікавы праект, накіраваны на самарэалізацыю асобы, быў у Красненскай СШ. Педагогі і вучні прадстаўлялі змястоўную распрацоўку «Да міру праз гісторыю» на маладзёжным рэспубліканскім конкурсе «Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай» і атрымалі сертыфікат пераможцаў у адной з намінацый. А выпускнік гэтай установы Уладзіслаў Карчміт упэўнена перамог на ІV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Лідар-2016». 

У гімназіі №10 паспяхова рэалізуецца праект «Дружба без межаў». Прысутных уразіў і вопыт дзейнасці клуба «Пошук» у СШ №5, дзе педагогі далучаюць школьнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны. У Граніцкім вучэбна-педагагічным комплексе надаецца асаблівая ўвага добраўпарадкаванню гістарычных і памятных месцаў нашага раёна. Здаровы лад жыцця актыўна прапагандуюць у СШ №14 і дзіцячым садзе №7.

З удзелам актыву і пярвічных     арганізацый «Белай Русі» на     Маладзечаншчыне праводзяцца шматлікія дабрачынныя акцыі для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльных сірот, ветэранаў вайны і працы, мнагадзетных сем’яў. Вопытам работы ў гэтым кірунку на семінары падзяліліся прадстаўнікі гімназіі №6 і дзіцячага сада №32.

Ірына Рабушка.

Прафсаюзы: выхоўваць патрыётаў

Федэрацыя прафсаюзаў краіны ўдастоена высокай узнагароды — прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Прэмія прысуджана за шэраг праектаў Федэрацыі, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку дзяцей, навучэнцаў, працоўнай моладзі. Адным з самых маштабных праектаў стала рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Курган Славы».

«Захаванне памяці аб вялікім подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перадача яе наступным пакаленням — гэта святы абавязак кожнага, — сказаў у час урачыстасці старшыня ФПБ Міхаіл Орда. — Толькі памятаючы пра тое, што давялося перажыць нашым людзям у гады вайны, мы сёння зможам захаваць самую вялікую каштоўнасць — мірную працу і мірнае жыццё». Менавіта таму Федэрацыя прафсаюзаў як адна з самых масавых грамадскіх арганізацый краіны заўсёды вяла актыўную дзейнасць у гэтым кірунку. У 2015 годзе прыступілі да работ па маштабнай рэканструкцыі Кургана Славы. Глыбока сімвалічна, што ў ёй прынялі ўдзел жыхары ўсёй краіны. Гэта засведчыла: беларусы памятаюць і шануюць сваю гісторыю, подзвіг народа.

Сваё новае аблічча мемарыяльны комплекс «Курган Славы» набыў у маі 2015-га і прымеркавана гэта было да 70-годдзя Вялікай Перамогі. У ходзе рэканструкцыі цалкам заменена травяное пакрыццё, адрамантаваны прыступкі лесвіцы, устаноўлена сучаснае маштабнае падсвечванне. Яно выканана з прымяненнем самых перадавых тэхналогій. А да 71-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ля мемарыяла быў устаноўлены каскад сонечных батарэй. Фотаэлектрычныя элементы дазваляюць асвятляць помнік у вячэрні і начны час.

Але на гэтым работы не скончыліся. У планах Федэрацыі прафсаюзаў пошук узораў баявой тэхнікі. Знойдзеныя пасля рэстаўрацыі будуць выстаўлены ля падножжа Кургана ў музеі баявой тэхнікі пад адкрытым небам. Плануецца, што менавіта на гэтыя мэты і далейшае добраўпарадкаванне Кургана Славы будзе накіравана грашовая частка прэміі. Дарэчы, мемарыяльны комплекс не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці і раёне вызначаны знакавыя мемарыялы, помнікі, у рэканструкцыю якіх прафсаюзныя арганізацыі ўносяць свой важкі ўклад. У нашым, Маладзечанскім, раёне гэта брацкая магіла ля тэатра лялек «Батлейка».

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі надае вялікае значэнне рабоце па патрыятычным выхаванні маладога пакалення, садзейнічае развіццю нацыянальнай самасвядомасці грамадзян, спрыяе актывізацыі цікавасці да вывучэння гістарычнай спадчыны краіны, фарміраванню пачуцця павагі да сваёй гісторыі, захаванню памяці пра подзвігі абаронцаў Айчыны.

Таццяна ЯЦУХНА,

старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.

Фото: Аляксей Платко.

Источник – mgazeta.by 

 



Погода Молодечно
Информация сайта pogoda.by

© Молодечненский районный исполнительный комитет, 2011
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»