На главную
Написать письмо
Карта сайта
RuEn

Адрес райисполкома:
222310, г. Молодечно,
 ул. Виленская, 6

Телефон: 8-(017-6)-77-16-63
факс: 77-15-71, 73-01-72

Для деловой переписки:
molrik@molodechno.minsk-region.by

Интерактивная карта района

Главная  »  НОВОСТИ  »  Новости района
29.04.2017
Зорныя танцы Юліі Крук

Маладзечанка Юлія Крук амаль 15 гадоў захапляецца бальнымі танцамі. Жыхары горада і раёна ведаюць гэту дзяўчыну як журналістку мясцовага тэлеканала. Між тым ёй неаднойчы даводзілася выступаць разам са знакамітымі спевакамі і спартсменамі.

Зорныя танцы Юліі Крук
"Маладзечанская газета"

У рытме ча-ча-ча

Танцамі Юля захапілася яшчэ ў школе. Спачатку займалася ў студыі «Алімп» былога Дома культуры чыгуначнікаў пад кіраўніцтвам Васілія Цуранкова. Рэпетыцыі і выступленні настолькі падабаліся ёй, што нават дамоў яна ішла ў рытме ча-ча-ча ці іншага танца. Потым удасканальвала майстэрства ў студыі «Каскад» Палаца культуры. І вось ужо трэці год Юля з’яўляецца ўдзельніцай шоу-балета «Феерыя», які базіруецца ў адной са сталічных школ з харэаграфічным ухілам. Кіруе ім прафесіянальны балетмайстар, чэмпіён свету ў намінацыі «Шоу», суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Аляксей Кісялёў. Трапіць у «Феерыю» было не проста. Юлі арганізавалі своеасаблівы экзамен —прапанавалі за 30 мінут стварыць сабе вобраз і станцаваць у складзе шоу-балета венскі вальс на канцэрце. Безумоўна, маладзечанка хвалявалася, але лёгка вальсавала па сцэне. Так яе ўзялі ў дапаможны склад, а неўзабаве перавялі ў асноўны. У ім усяго пяцёра танцораў — тры дзяўчыны і двое хлопцаў.

І сёння кожнае выступленне для Юлі — своеасаблівы экзамен. Назаўсёды застаўся ў яе памяці першы выхад у складзе «Феерыі», калі давялося выступаць на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы, што праходзіў у Мінску. Калектыў танцаваў ча-ча-ча басанож на гімнастычным дыване, а саліравала ў нумары зорка беларускага спорту Меліціна Станюта. Пры гэтым сумеснае выступленне з ёю, як і з многімі іншымі вядомымі асобамі, практычна не рэпеціравалі. «Феерыі» найчасцей даводзіцца імгненна ўключацца ў творчы працэс.

— Абсалютна любое хобі ўпрыгожвае жыццё чалавека, робіць яго яркім і вучыць цаніць кожную секунду, — пераканана Юля. – Мне не проста было спалучаць сваё захапленне з вучобай, а цяпер — і з работай. Іншым разам ездзіла ў Мінск па два разы на дзень. Грым наносіла ў электрычцы ці «маршрутцы». Або, наадварот, не паспеўшы змыць яго, спяшалася ў вобразе на экзамен ці работу, «замаскіраваўшыся» таніраванымі акулярамі.

«Изюминка» шоу

У танцавальны марафон, які доўжыўся дзве гадзіны, ператварыўся сольны канцэрт у Гродне нарвежскага спевака з беларускімі каранямі Аляксандра Рыбака. Каб выступаць на яго канцэрце, «Феерыя» развучвала харэаграфічныя кампазіцыі па відэароліках, якія былі перададзены ад артыста. Шоу-балет, праўда, унёс крыху сваіх «изюминак», што вельмі спадабалася Рыбаку.

Таксама «Феерыя» аздабляла выступленні многіх папулярных артыстаў айчыннай эстрады, сярод якіх Герман Цітоў, Вікторыя Алешка, Галіна Шышкова, Вольга Плотнікава, Іван Буслай і многія іншыя. Юлія гаворыць, што яны вельмі шчырыя. Шоу-балет неаднойчы ўдзельнічаў у тэлепраектах «Песня года Беларусі» і «Што? Дзе? Калі?».

З пер’ямі страуса на галаве

У рэпертуары шоу-балета паўсотні танцаў – бальных еўрапейскіх і лацінаамерыканскіх, сучасных, народных… Безумоўна, для кожнага з іх прадугледжаны асобныя касцюмы.

— Самае цяжкае ўбранне для самбы – важыць аж 25 (!) кілаграмаў. Аздоблена яно натуральнымі пер’ямі страуса. Верхняя частка касцюма замацоўваецца, як ранец — за адзін танец шлейкі націраюць да крыві. Але экстравагантныя рытмы самбы, здаецца, лечаць любы боль, — гаворыць субяседніца.

Гэты танец развучваўся для выступлення разам з папулярным кубінскім дуэтам у складзе Барбары Граве дэ Перальта і Эдуарда Ферэра Санчаза, якія, дарэчы, абжыліся пад Слуцкам. А індыйскія харэаграфічныя варыяцыі шоу-балета сталі ўпрыгажэннем многіх нумароў Святланы Агарвал, адзінай беларускай выканаўцы індыйскіх песень. Сярод найбольш запамінальных і выступленне на канцэрце беларускай гітарысткі Ірыны Ігнацюк. На гэтым мерапрыемстве не прадугледжваўся вакал. Гледачы маглі натхняцца толькі гучаннем інструмента і харэаграфіяй «Феерыі», якая павінна была дапамагчы раскрыць сэнс музычных твораў.

Вальс на плошчы Тракадэра

Давялося Юліі бываць на балях у Мірскім і Нясвіжскім замках. Паланэз, полька-тройка, мазурка… Гэта не ўвесь пералік кампазіцый, што вывучылі ўдзельнікі шоу-балета, каб трапіць туды. Прычым у якасці экспертаў для правядзення майстар-класаў.

— Надзвычай яркія і стыльныя мерапрыемствы! Вельмі ўразіла і па-добраму здзівіла, што на балі прыходзіць мноства сямейных пар сталага ўзросту, — заўважае Юля.

«Феерыю» запрашалі і на Тыдзень беларускай культуры ў Францыю. У Парыжы, у штаб-кватэры ЮНЕСКА, танцоры арганізавалі «Баль Радзівілаў». А на знакамітай плошчы Тракадэра яны кружыліся ў вальсе і захапілі гэтым відовішчам мясцовых жыхароў і турыстаў. Да таго ж Юлія была на Тыдні беларускай культуры і ў якасці перакладчыцы, бо яна добра валодае французскай мовай.  

Сярод мноства танцаў у яе ёсць два любімыя – рамантычная румба і запальная самба. Іх рытмы здольныя ўзняць настрой і нават натхніць на крэатыўныя ідэі. Нядаўна Юля стварыла ўласны харэаграфічны калектыў «Эйфарыя», які трэніруецца на базе гандлёва-эканамічнага каледжа. Разам са сваімі выхаванцамі яна крочыць да новых вяршынь.


Фота: архіў Юліі КРУК.

© Молодечненский районный исполнительный комитет, 2011
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»